ганчарныя вырабы майстроў з в. Дарасіно Любанскага р-на Мінскай вобл. Промысел вядомы з 18 ст., росквіту дасягнуў у канцы 19—1-й пал. 20 ст. Тут выраблялі кухонны, сталовы, тарны посуд з гліны светлага ці шэра-чорнага колеру, глазуравалі празрыстай ці зялёнай палівай. Формы вырабаў светлага ці светла-чырвонага колеру ўпрыгожвалі прамымі і хвалістымі выціснутымі або ангобнымі паяскамі. Бытаваў таксама чорназадымлены посуд. У 1930—40-я г. працавала ганчарная арцель, цяпер — ганчарны цэх (майстры М.Прышчэпа, М.Філіпеня, В.Юхневіч). Традыцыі Д.к. прадаўжаюць таксама ў ганчарнай майстэрні пры Любанскім раённым цэнтры культуры.